Поиск по этому блогу

вторник, 29 марта 2011 г.

Беларускія Дзяды на эстонскай зямлі.

БЕЛАРУСКАЕ ЗАМЕЖЖА
З пошты раздзела

http://gw.lingvo.minsk.by/mab/1998/01/090198.html

Шлях ад Нарвы да Пюхціц, што амаль у цэнтры Эстоніі, можна пераадолець за нейкія паўтары гадзіны. Але, выходзячы з аўтобуса, адчуваеш, што трапляеш у зусім іншы свет. Паветрам тут не проста дыхаеш — яго амаль што п’еш. А ад прыгажосці наваколля літаральна нямееш. І не адчуваеш патрэбы размаўляць. Цішыня наваколля запаўняе істоту, і з’яўляецца жаданне маўчаць; слухаць гэтую цішыню і са здзіўленнем прыслухоўвацца да таго, што адбываецца ўнутры цябе: у думках, у пачуццях...Гэта было першае маё ўражанне, калі я апынулася на святой зямлі. Тут адчуваеш, што ўжо не можаш звычайна жыць. Узнікае патрэба зноў і зноў вяртацца сюды, дзе часцінка і твайго жыцця.

Курэмяе, Жураўліная гара (у перакладзе з эстонскай мовы), на якой у ХVI ст. адбылося цудоўнае з’яўленне Маці Божай — спачатку эстонскім пастухам, а затым і іх аднавяскоўцам. Тут, на магутным дубе быў знойдзены цудадзейны абраз Успення Багародзіцы, у гонар якой неўзабаве быў заснаваны Пюхціцкі манастыр з галоўным храмам Успення. Унізе пад гарой у тыя тры дні з’яўлення Багародзіцы людзям забруіла жыццяносная крыніца, воды якой лечаць вернікаў ад цяжкіх хвароб і ачышчаюць душу.

Святая зямля Курэмяе паліта крывёю воінаў князя Аляксандра Неўскага, яна ж іх, загінуўшых, прыняла ва ўлонне сваё. Кожную пядзь яе цалаваў усерасійскі бацюхна Іаан Крандштацкі.

Гэтая зямля стала апошнім прытулкам і для многіх сыноў Беларусі.

І вось, каб аддаць даніну павагі, споўніць доўг жывых перад нябожчыкамі, беларусы Нарвы, сябры Беларускага нацыянальнага культурнага аб’яднання "Спадчына", адправілася 1 лістапада, у Дзмітраўскую суботу (ці, як называюць гэты дзень у Беларусі, Дзяды) да сваіх загінуўшых у час грамадзянскай вайны суайчыннікаў. Ляжаць яны ў брацкай магіле, над якой узвышаецца помнік з надпісам, што тут пахаваны загінуўшыя ў час эпідэміі тыфу жыхары наваколля і вайскоўцы, у іх ліку — генерал-маёра Булак-Балаховіча.

Можа хто кіне тут нам папрок: "Дык то ж белагвардзейцы! Ворагі!". Але не трэба жорстка рэгламентаваць, які колер каму да спадобы. Гісторыя і час расстаўляюць свае кропкі. Бог судзіць не па колеру. І не нам, простым смяротным, вызначаць сёння, хто быў правы, а хто вінаваты ў той жорсткай братазабойчай вайне. Гэтыя невядомыя салдаты, нашы землякі, былі нечымі сынамі і братамі. Няма ўжо іх бацькоў, і не нарадзілі яны самі дзяцей. Значыць, мы, іх суайчыннікі, павінны замяніць ім родных. Дзеля гэтага адзначаецца дзень памяці Дзяды, каб згадаць кожнага, памаліцца за душы адыйшоўшых у той свет.

Мы ўсклалі кветкі на братнюю магілу, дзе, ведаем, ляжаць нашы суайчыннікі. Хто яны? Якія іх імёны? Адкуль яны родам? Невядома. Не знойдзены адпаведныя звесткі ў архівах. Нам яшчэ трэба зрабіць гэтую справу.

Экскурсія, якую праводзіла сястра Ірына, уразіла ўсіх. Слухалі, затаіўшы подых. Так проста і глыбока распавядала яна аб гісторыі ўтварэння Пяхціцкай абіцелі, аб цяжкасцях, што выпалі на долю сясцёр у розныя войны, у савецкі час.

Надзвычай смачным быў абед у сястры Агніі. І над усім панавалі цеплыня і клопат настаяцельніцы матухны Варвары. Нізкі паклон ім і ўсім сёстрам абіцелі.

Ну, а нам? Можа, досыць блукаць у поцемках? Дай Бог дайсці сваім шляхам да Храма. І памятаць усіх сваіх суайчыннікаў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий