http://arlou.org/tvory/kraina-biez-buducyni.htm
Ёсьць прозьвiшчы, якiмi, здаецца, сам Бог пазначае неардынарнасьць iхніх уладальнiкаў. Згадайце, напрыклад, сваiх знаёмых Караткевiчаў.
Беларуска-эстонскiм культурным таварыствам “Спадчына” ў Нарве кiруе Тацяна Караткевiч. Тры яе родныя сястры таксама жывуць у Нарве i пасьпяхова займаюцца бiзнэсам, пра што сьведчыць i чатырохпавярховы ўласны дом, у якiм жыве адна сястра, i прыморскi пансіянат “Валянцiна”, дзе паводле цалкам эўрапейскiх стандартаў гаспадарыць другая, i дзе пад пошум прыбою я нарэшце дачытваю пачаты яшчэ дваццаць гадоў таму з фрагмэнту ў самвыдаце “Палёвы вызначальнiк эстонскiх русалак” Эна Вэтэмаа. “Русалкi сапраўды апынуліся тады ў незаслужанай нямiласьцi, iм выставілі суровае абвiнавачаньне ў небыцьцi, прычым адначасна было палiчана магчымым iнкрымiнаваць iм паразытычны modus vivendi i ўхiленьне ад карыснае грамадзтву працы. Вартым асуджэньня быў прызнаны i той факт, што ўдзел русалак у гiстарычнай барацьбе працоўных за свабоду быў мiнiмальны (на жаль, гэта так); iндыфэрэнтнасьць выявiлi русалкi i пры стварэньнi калгасаў”.
Трэба прызнаць, што, адрозна ад эстонскiх каляжанак, беларускiя русалкi выявiлi ўва ўсiх пералiчаных сфэрах непараўнальна вышэйшую грамадзянскую сьвядомасьць ды актыўнасьць. Апрача iншага, яны ў значна меншай ступенi супрацоўнiчалi зь нямецка-фашыстоўскiмi захопнiкамi i ў значна большай — з КГБ. Але, вiдаць, усё ж ня гэтыя ўсьцешлiвыя акалiчнасьцi робяць нас непапраўнымi прыхiльнiкамi “русалкабагацьцяў” шматпакутнай Бацькаўшчыны.
Комментариев нет:
Отправить комментарий