Радыё-4, Эстонія, праграма Бацькаўшчына, дата перадачы 11.10.2009, час 19-15.
У гэтым годзе, улетку, беларусы адзначылі сумную дату – 25 год з дня смерці Ўладзіміра Караткевіча.
Гэты пісменнік, сваімі творамі, шмат каго прымусіў задумацца над тым, што ў нашай радзімы існуе свая гісторыя.
У Воршы, дзе нарадзіўся пісьменнік, есць невялічкі яго музэй. Больш заўсего з экспанатаў мне спадабаліся юнацкія малюнкі Караткевіча ў школьным сшытку.
У Менску есць мемарыяльная дошка на доме, дзе Караткевіч жыў.
У Рагачове застаўся дом, на беразе Дняпра, дзе Караткевіч любіў адпачываць у сваіх родных.
Пазамінулым летам я быў у Менску і ў мяне было некалькі вольных гадзін з ранку. Я вырашыў прагуляцца па цэнтры горада, і разам з тым, пакласці букет кветак да мемарыяльнай дошкі Ўладзіміру Караткевічу. Я падыйшоў да дому, дзе жыў Караткевіч, на вуліцы Карла Маркса, ці, як кажуць менчукі ў жарт – Карлы-Марлы.
Але я не змог адразу знайсці дошку. Я спалохаўся, няўжо дошку знялі, скралі? Усе было значна прасцей – мемарыяльную дошку з партрэтам класіка беларускай літаратуры папросту закрыў тэнт летняй кавярні. Маўляў, людзі хочуць піць каву на вуліцы Карлы-Марлы. Ім няма справы да нейкага там Караткевіча. Але кветкі да дошкі я паклаў.
Гэтым летам, на шчасце, дошку на фасадзе дома дзе жыў Караткевіч бачна лепей. Тэнт кавярні ўжо не так агрэсіўна хавае дошку ад мінакоў. Дзякуй ўладарнікам кавярні.
А ў Рагачове, некалькі год таму, мой добры знаёмы быў абраны дэпутатам мясцовага савету. Шмат чаго ён намагаўся зрабіць. Жадаў ён назваць адну з вуліцаў Рагачова ў гонар пісменніка Караткевіча. Уладзімір Караткевіч шмат часу правёў у Рагачове – адпачываў, працаваў.
Але ці жыхары Рагачова не захацелі зрабіць вуліцу Караткевіча, ці ў майго знаёмага не хапіла моцы на гэта, але вуліцы імя Караткевіча ў Рагачове ды іншых гарадах Беларусі няма. Савецкія ёсць, Ленінскія ёсць, а Караткевіча няма.
Але на Беларусі есць галоўнае - творы Ўладзімера Караткевіча.
Нехта назаве, большую частку твораў Караткевіча гістарычнымі дэтэктывамі. Але на мой погляд гэта не так. Яго творчасць значна глыбей.
Усе дэтэктыўныя прыгоды вакол гісторыі Беларусі Караткевіч насычвае містыкай і таямніцай. Таямніцы ўрэшце рэшт раскрыюцца, але ўражанне таго, што ты толькі што спаткаўся з цудам застаецца. Застаецца на доўга, часам на ўсё жыццё.
А якія прыгожыя і прывабныя назвы:
Леаніды не вернуцца да Зямлі, Каласы пад сярпом тваім, Хрыстос прызямліўся ў Гародні, Чорны замак Альшанскі, Дзікае паляванне караля Стаха, Ладдзя Роспачы...
Шмат хто любіць кінастужкі па творах Уладзіміра Караткевіча, любяць яго п’есы, вершы. А маленькім дзеткам падабаюцца казкі Караткевіча. Мая любімая казка – Жабкі і чарапаха.
“Каласы пад сярпом тваім” дапамаглі пісменніку знайсці і каханне. З будучай жонкай Валянцінай Караткевіч пазнаёміўся ў Брэсце. Яна – музэйны супрацоўнік, прывяла студэнтаў на чытацкую канферэнцыю, каб пазнаёміцца з аўтарам, абмеркаваць твор.
І пазнаёмілась.
А пачалося ўсё з недарэчнасці, бо на першай сустрэчы, будучая жонка прапаннавала спадару Караткевічу наступнае: “Вось вы пісьменнік. А чамуб вам не напісаць гістарычны дэтэктыў, такі, напрыклад, як “Дзікае паляванне караля Стаха”(гэты твор быў вельмі папулярны)”
“Гэты твор напісаў я” – адпавёў Уладзімер Караткевіч.
Праз тры гады яны ажаніліся. Спадару Уладзіміру тады было 41. Узрост кажа пра сур’езнасць намераў. Разам Караткевічы здзейснілі шмат фальклорных і гісторыка-даследчых экспедыцыяў по Беларусі.П рывозілі экспанаты, якія выстаўляліся ў акадэміі навук.
Валянціна памерла ад анкалагічнай хваробы.
Уладзімір страшэнна перажываў уход роднага чалавека. Пісьменнык пакінуў гэты свет праз паўтары гады ў 1984 годзе.
Але была і яшчэ адна прычына такой хуткай смерці Караткевіча.
Справа ў тым, што ў 1982 годзе кватэру Караткевічаў абакралі. Жылі Караткевічы не бедна, ганарары тады, спадар Уладзімер атрымліваў немалыя. Але разам з золатам і крышталем, вары ўнеслі і рукапіс другой часткі “Каласоў пад сярпом тваім”
Над другой часткай “Каласоў” пісьменнік працаваў з 65 года. Трэба заўважыць, што першая частка рамана выйшла цудам. У творы пра нацыянальна-вызваленчы рух беларускага народа супраць Расейскай імперыі рэдактары ды цэнзары шмат чаго выкрэслілі.
Але, нават, думка пра тое, што лепшыя сыны беларускага народа яшчэ сто год таму змагаліся з рускімі акупацыйнымі войскамі – гэта было крамолай, антысаветчынай. Бо як мог братэрскі беларускі народ ваяваць супраць братэрскага рускага народу?
Падаецца, што гэта энэрцыя хрушчоўскай адлігі падаравала “Каласам ” жыццё. Кніга выйшла ў свет. Але брэжнеўскі застой не мог дазволіць Караткевічу працягваць гэтую тэму. Нельга было беларусам, якія павінны былі ператварыцца ў адзіны савецкі народ, чытаць пра сваю сапраўдную гісторыю. Нават, якую пакрэмзала цэнзура.
Васіль Быкаў у сваіх мэмуарах лічыць, што выкраданне рукапісу другой часткі “Каласоў” справа рук Камітэта дзяржаўнай бяспекі.
Спадар Быкаў апісвае сваю апошнюю сустрэчу з Караткевічам. Гэта было ў адным з санаторыяў, Быкаў ведаў пра выкрадзены рукапіс, таму ен не здзівіўся, што Караткевіч быў у вельмі кепскім стане. Спадару Ўладзіміру было жудасна цяжка – фізічна, псіхічна.
Нядаўна Караткевіч страціў каханую жонку. Дзяцей ў іх не было, але рукапіс гэта таксама дзецяці пісьменніка.
Рукапіс гэта немаўляці – бездапаможны, кожны яго можа пакрыўдзіць. Публікацыя ў часопісе, ці толькі з’явіўшаяся кніжка – гата падлетак – хто ведае, які лёс наканаваны яму. Перавыдадзеная кніга, ці збор твораў – гэта сталы чалавек, які мае чаму навучыць людей вакол сабе.
Дык вось у Караткевіча скралі немаўляці, выкралі яго дзяцяці!
Васіль Быкаў кажа, што Уладзімір караткевіч тады апынуўся ў свеце сваіх чароўных герояў. Тады, у вечары ў хмызняку Караткевіч убачыў цмока....
Гэта была галюцынацыя. Балюча было глядзець як пакутуе пісьменнік і паэт, які ўсе жыцце перажываў за людзей, за мільярды двуногіх...
Быў. Ёсць. Буду.
Таму, што заўжды, як пракляты,
Жыву бяздоннай трывогай,
Таму, што сэрца маё распята
За ўсе мільярды двухногіх.
Але, я ўпэўнены, што рукапісы, сапраўды не гараць.
Пройдзе час і з сакрэтных архіваў выйдзе ў свет апошні неапублікаваны твор Караткевіча
Я веру, што ў адзін дзень у Буларусі, мабыць у Гародне зноўку прызямліцца Хрыстос – як у рамане Караткевіча. Мабыць у гэтага Хрыста будзе імя ужо не Юрась Братчык (як у творы), а якое небудзь іншае імя. Але ён, як і герой Караткевіча, зноўку навучыць беларусаў не чакаць шчасця, а рабіць Яго сваімі рукамі, змагауца за Яго.
"На Беларусі бог жыве", -
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Артур Цурбакоў.
Комментариев нет:
Отправить комментарий